Чыноўнікі Цэнтральнага раёна Мінска аформілі дзяржаўную закупку на выступ артыстаў на некалькіх выбарчых участках у асноўны дзень прэзідэнцкіх выбараў — 26 студзеня. Расказваем, каго з артыстаў запрашалі і колькі збіраліся выдаткаваць на гэта.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Цэнтр па забяспечанні дзейнасці ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска і падведамных арганізацый апублікаваў заяўку на сайце дзяржзакупак, каб вывучыць цэны ад выканаўцаў, якіх хацелі запрасіць. Пазней мусіць быць апублікаваны яшчэ адзін дакумент — непасрэдна на закупку выступаў гэтых артыстаў, дзе будуць прапісаныя іх ганарары (як правіла, тыя, што яны папрасілі на папярэднім этапе).
Чыноўнікаў цікавілі паслугі па «арганізацыі культурнай праграмы ў дзень выбараў». Характэрна, што ў дакуменце з апісаннем дэталяў па закупцы (ён называецца тэхнічным заданнем) датай выбараў чамусьці стаіць 20 студзеня 2025-га. У той дзень яшчэ не пачалося нават датэрміновае галасаванне. Аднак з назвы закупкі вынікае, што плацілі за выступы ў асноўны дзень выбараў, 26 студзеня.
Такім чынам, у заяўцы відаць запыт на ўдзел і выступленні саліста Моладзевага тэатра эстрады Дзмітрыя Сяргеева на трох выбарчых участках у Мінску: у гімназіях № 34 і № 50, а таксама ў школе № 180.
Выступленне іншай выканаўцы, Ірыны Зыль, планавалася ў школах № 95, 180 і 44.
Салістку і актывістку БРСМ Аліну Міхалёнак запрасілі паўдзельнічаць у шоу на ўчастках, арганізаваных у Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, юрыдычным каледжы БДУ і 95-й школе.
У 44-й і 180-й школах, а таксама ў 10-й мінскай бібліятэцы выступаў ансамбль «Берега».
Усе выступы гэтых артыстаў ацанілі ў 6800 рублёў. Традыцыйна ўзялі сродкі з бюджэту. Колькі заплацілі кожнаму з выканаўцаў, невядома.
Пакуль гэта адзіная закупка такога кшталту паслуг, якую нам удалося знайсці ў адкрытым доступе. Магчыма, былі і іншыя. Таксама не выключана, што нехта з артыстаў выступаў бясплатна па разнарадцы чыноўнікаў.
Чытайце таксама