«Гэта рашэнне заснавальнікаў». Закрываецца адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі — даведаліся падрабязнасці
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Зачыняецца прыватная ВНУ «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій». Пра гэта «Люстэрку» расказаў адзін са студэнтаў ВНУ, у адміністрацыі навучальнай установы нам пацвердзілі гэтую інфармацыю. Вось што ўдалося даведацца.

Главный корпус УО «БИП — Университет права и социальных технологий». Фото: belarusinfo.by
Галоўны корпус УА «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій». Фота: belarusinfo.by
Імя суразмоўцы змененае дзеля яго бяспекі

— Чуткі хадзілі даўно, але днямі ад аднаго з метадыстаў я даведаўся, што ўсё гэта праўда, — расказаў студэнт БІП Дзмітрый. — Рашэнне прынялі заснавальнікі, і для многіх яно будзе жахлівым сюрпрызам. Я студэнт-завочнік на апошнім курсе і цяпер нават не ўяўляю, як буду адвучвацца гэты апошні год.

Афіцыйнай заявы пра закрыццё на сайце ВНУ няма. Таму пад выглядам бацькі аднаго са студэнтаў журналіст патэлефанаваў у прыёмны пакой рэктара ўніверсітэта.

— На рашэнне заснавальнікаў адукацыйная дзейнасць універсітэта спыняецца з 30 жніўня 2024 года, — адказала сакратарка. — Усе студэнты, якія на гэты момант у нас ёсць, будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ горада Мінска. Усё гэта будзе праходзіць цэнтралізавана. Толькі трэба трошкі пачакаць, пакуль з’явіцца афіцыйная інфармацыя і стануць вядомыя ўсе ВНУ, куды будуць пераводзіць дзяцей. Але хвалявацца не варта: усе будуць пераведзеныя, і навучанне працягнецца з 1 верасня ў іншых ВНУ.

Пра прычыны закрыцця БІП сакратарка рэктара нічога не сказала.

— Гэта рашэнне заснавальнікаў, — уздыхае жанчына. — Чаму яны так вырашылі, я не ведаю.

БІП — адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі. Яго ў 1990-м годзе адкрыў Сцяпан Сокал — навуковец і прадпрымальнік. Да 2020-га года ён быў рэктарам універсітэта. А 5 снежня таго ж года ён памёр. Імаверна, ад каранавіруса («Бяда, якая ахапіла ўсю планету, забрала і нашага лідара», — гаворыцца на сайце ўстановы).

Першапачаткова БІП называўся Мінскай вышэйшай юрыдычнай школай пры Саюзе юрыстаў БССР. У 1991-м школа была перайменаваная ў Беларускі інстытут правазнаўства, а ў сакавіку 1995-га атрымала ліцэнзію ВНУ.

У 2021 годзе ўстанова стала ўніверсітэтам і была перайменаваная ў «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій».

У віншаванні рэктара БІП з нагоды 30-годдзя ВНУ ў 2020 годзе сцвярджалася, што за час працы там падрыхтавалі больш за 30 тысяч спецыялістаў рознага профілю: юрыстаў, эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў-міжнароднікаў і іншых. Таксама паведамлялася, што выпускнікі працуюць у дзяржаўных органах кіравання, праваахоўнай сістэме Беларусі, камерцыйных арганізацыях. Некаторыя з іх займаюць высокія дзяржаўныя пасады.