Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Барбару Радзівіл большасці з чытачоў прадстаўляць не трэба. Самая вядомая беларуска-літоўская прыгажуня з найбагацейшага магнацкага роду, якая пакахала вялікага князя літоўскага, заключыла з ім таемны шлюб, стала польскай каралевай насуперак жаданню палякаў і была нібыта атручаная свекрывёй — яе гісторыя прадстаўленая ў падручніках, шматлікіх кнігах і спектаклях. Гучыць яна і на экскурсіях па Нясвіжскім палацы, адным з самых наведвальных у Беларусі. Аднак што ў гэтым праўда, а што — пазнейшыя міфы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці? Ці бывала ў Нясвіжы яго «Чорная панна»? Разбіраемся ў біяграфіі гэтай легендарнай жанчыны — без сумневу, аднаго з сімвалаў агульнай гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы.

Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя нібыта пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».

Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы расказваем пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.

Міф № 1. Барбара пражыла 31 год

Як сцвярджаюць «Вікіпедыя» і сайт Нясвіжскага палаца, Барбара Радзівіл нарадзілася ў 1520 годзе, а памерла ў 1551-м, пражыўшы ўсяго 31 год. Насамрэч звыклая дата з’яўлення будучай каралевы на свет не зусім карэктная.

Барбара Радзивилл. Посмертная миниатюра Лукаса Кранаха Младшего. Музей Чарторыйских в Кракове. Изображение: commons.wikimedia.org
Барбара Радзівіл. Пасмяротная мініяцюра Лукаса Кранаха Малодшага. Музей Чартарыйскіх у Кракаве. Выява: commons.wikimedia.org

Сучасныя літоўскія навукоўцы пішуць, што яна нарадзілася, імаверна, у 1522−1523 гадах: «На гэтую дату паказваюць некалькі крыніц. Перш за ўсё, на срэбнай таблічцы, знойдзенай у труне Барбары, гаворыцца, што яна памерла „да дваццаці васьмі гадоў“. Гэты надпіс не супярэчыць эпітафіі, створанай у памяць пра Радзівіл, якая захавалася сярод 22 іншых лацінскіх эпітафій з Віленскага сабора. У ёй гаворыцца, што яна памерла „занадта рана, не дажыўшы да трэцяга дзесяцігоддзя“».

Так што Барбара была яшчэ маладзейшай, чым нам здавалася.

Міф № 2. Першы шлюб быў нешчаслівым

Портрет великого князя литовского Жигимонта II Августа кисти Лукаса Кранаха Младшего, около 1553 года. Изображение: commons.wikimedia.org
Партрэт вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста пэндзля Лукаса Кранаха Малодшага, каля 1553 года. Выява: commons.wikimedia.org

Барбара была прадстаўніцай роду Радзівілаў — самага магутнага ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яна была багатая і прыгожая. Добра захаваны шкілет каралевы паказвае, што яна была высокая для свайго часу (160,2 см), мела адносна шырокія плечы і вузкі таз.

Першым мужам Барбары быў Станіслаў Гаштольд, прадстаўнік багатага магнацкага роду. Відавочна, што шлюб заключаўся з разліку — іншага сярод эліты таго часу і быць не магло. «За яго дзяўчына выйшла замуж у 1537 годзе, калі ёй ледзь споўнілася 17 гадоў. Шчаслівым гэты саюз складана назваць. Граф ставіўся досыць холадна да сваёй юнай жонкі, ды і сама Барбара не выказвала цеплыні да мужа. Пражыўшы з Гаштольдам у шлюбе пяць гадоў, яна так і не нарадзіла дзіцяці», — абвяшчае тыповае апісанне на адным з сайтаў — падобны аповед сустракаецца ў дзясятках папулярных крыніц.

Аднак, як сказана вышэй, Барбара была маладзейшай, чым уяўляецца шматлікім аўтарам. Дамоўленасць пра яе шлюб са Станіславам была дасягнутая ў кастрычніку 1536-га, вяселле адбылося 18 траўня 1537 года. На той момант ёй было каля 14,5 гадоў. А вось мужу, які нарадзіўся каля 1507 года, было 30.

Мы не ведаем, якім быў па характары Станіслаў, аднак ён быў старэйшы за юную Барбару ўдвая. Так што шлюб наўрад ці можна назваць шчаслівым — але тлумачыцца гэта хутчэй сур’ёзнай розніцай ва ўзросце і адсутнасцю агульных інтарэсаў, чым проста «халоднасцю» мужа і жонкі. Дарэчы, Жыгімонт Аўгуст — будучы каханак, а потым і муж Барбары — нарадзіўся ў 1520-м, яны былі практычна аднагодкамі.

Сам па сабе ўзрост дзяўчыны быў нармальным для замужжа ў ХVI стагоддзі. Як піша беларуская даследчыца Наталля Сліж, жыхаркам ВКЛ дазвалялі выходзіць замуж з 15, а потым нават з 13 гадоў. У рэальнасці гэта часцей за ўсё адбывалася ў 15−16 гадоў. Юнакі маглі жаніцца з 18-ці. У суседняй Расіі кананічны шлюбны ўзрост, прадугледжаны ў царкоўным праве для мужчын, складаў 14 гадоў, для жанчын — 12. Царква настойліва рэкамендавала жаніць і выдаваць замуж дзяцей не марудзячы, як толькі тыя «ва ўзрост увойдуць». У ХVII стагоддзі нявестай лічылася дзяўчынка «на дзясятым годзе веку», на мяжы ХVII-ХVIII стагоддзяў — у трынаццаць гадоў.

Што да бяздзетнасці пары, яна магла тлумачыцца недастатковай фізіялагічнай спеласцю Барбары для мацярынства, бясплоддзем Гаштольда ці іншымі прычынамі. Вядома, што пазней Барбара была цяжарная ад Жыгімонта, але ў яе здарыўся выкідак.

Міф № 3. Барбара мела бурнае сэксуальнае жыццё

Портрет короля Жигимонта Старого. Приписывается Гансу фон Кульмбаху. Между 1511 и 1518 годами. Национальный музей, Познань
Партрэт караля Жыгімонта Старога. Прыпісваецца Гансу фон Кульмбаху. Паміж 1511 і 1518 гадамі. Нацыянальны музей, Познань, commons.wikimedia.org

Шлюб з Гаштольдам доўжыўся ўсяго пяць гадоў — ужо ў 1542-м ён памёр. Праз некалькі гадоў Барбара пачала сустракацца з Жыгімонтам Аўгустам — сынам Жыгімонта Старога, караля польскага і вялікага князя літоўскага, і яго каранаванай жонкі — міланскай прынцэсы Боны Сфорцы.

У 1543-м 23-гадовы Жыгімонт Аўгуст ажаніўся першы раз. Яго жонкай стала ўнучка яго крэўнага дзядзькі, Лізавета Аўстрыйская з Габсбургаў. Цікава, што каралева-маці Бона была супраць гэтага шлюбу — галоўным чынам праз сваю варожасць з аўстрыйскім імператарам з нагоды італьянскіх уладанняў, а таксама з прычыны нязгоды з ростам уплыву дынастыі Габсбургаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Таму яна ўсяляк старалася перашкодзіць шлюбу. Але афармленне шлюбнай дамовы адбылося яшчэ ў 1538-м, за пяць гадоў да шлюбу, а ў цэлым Лізавету амаль з нараджэння рыхтавалі да таго, што ёй наканавана стаць польскай каралевай (хоць гаварыць па-польску так і не навучылі). Лізавета мела добрую рэпутацыю, але ў яе, як высветлілася ўжо ў шлюбе, была эпілепсія. Дзяцей у пары так і не з’явілася. У 1545-м аўстрыйка, якой было ўсяго 19 гадоў, раптоўна памерла — гэта прымусіла двор гаварыць, што яе атруцілі на загад Боны. Насамрэч асноўнай прычынай смерці Лізаветы, высечанай на яе магіле, былі прыступы эпілепсіі. Хутчэй за ўсё, хвароба таксама была адной з прычын таго, што цёплых адносін у Жыгімонта з жонкай не склалася.

У 1543-м, калі Лізавета была яшчэ жывая, ён пазнаёміўся з Барбарай Радзівіл. Гэта здарылася на тэрыторыі ВКЛ — дзе менавіта, невядома. Яшчэ ў дзяцінстве яго бацькі дамагліся таго, што Жыгімонт Аўгуст быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім (хоць улада заставалася ў руках бацькі). У 1544-м малодшы кароль пачаў фактычна кіраваць ВКЛ, куды яго бацька не прыязджаў, і разам з жонкай пасяліўся ў Вільні, але і да таго нярэдка там бываў. Паводле адной версіі, менавіта там Жыгімонт пазнаёміўся з прыгажуняй Радзівіл, якая пасля смерці першага мужа Станіслава Гаштольда вярнулася ў бацькоўскі палац у Вільні і пачала з’яўляцца пры двары. Паводле іншай версіі, гэта адбылося яшчэ ў Геранёнах, у замку Гаштольдаў, дзе Барбара жыла нейкі час пасля скону мужа: Жыгімонт прыехаў туды, каб вырашыць справы са спадчынай роду (і нечакана застаўся даўжэй, чым было запланавана, патлумачыўшы нежаданне вяртацца ў Вільню эпідэміяй, якая там бушавала). Так ці інакш, раман удавы са знакамітага роду і будучага караля пачаўся яшчэ пры жыцці яго жонкі і працягнуўся пасля яе смерці.

Першапачаткова пра шлюб гаворкі не ішло. Яшчэ летам 1547 года Жыгімонт у размове з набліжаным не дапускаў гэтага. На нейкі час каханкі нават разлучыліся — гэтага запатрабавалі сваякі Барбары, не жадаючы яе кампраметацыі. Аднак расстання пара не вытрымала. «Яно, гэтае спатканне, можна сказаць, стала гістарычным, ва ўсялякім разе, адлюстравалася ў гістарычнай літаратуры, — пісаў гісторык Эдвард Рудскі. — Паводле старой беларускай хронікі, ноччу ў пакой, дзе былі Барбара і Жыгімонт, увайшлі абодва браты Радзівілы (родны брат і стрыечны. — Заўв. рэд.) і пачалі вымаўляць вялікаму князю за тое, што парушыў княскае абяцанне. У адказ яны пачулі: „Скуль ведаеце, што мой цяперашні прыход да вашай сястры не памножыць вашыя славу, гонар і маёмасць“. На тыя адназначныя словы браты паклікалі падрыхтаванага ксяндза, які спалучыў каханкаў шлюбам у прысутнасці маці Барбары, ейных братоў <…> Адбылася гэтая падзея недзе паміж 28 ліпеня і 5 жніўня 1547 года».

Падобна, у абдымках адно аднаго закаханыя знайшлі тое, чаго ім не хапала з іх першымі мужам і жонкай. Іх сучаснікі, што змагаліся супраць прызнання гэтага шлюбу (пра гэта крыху ніжэй), пісалі пра «распуснасць» Барбары і нават пра яе кровазмяшальныя сувязі. Схільнасць прыгажуні да свабоднага ладу жыцця нібыта перадалася ёй ад маці, лічылася, што ў каханках у яе былі мужчыны з усіх сацыяльных слаёў, ад сенатараў да служак. Гэты міф аказаўся жывучым. Польскія гісторыкі ХХ стагоддзя сцвярджалі, што паводзіны Барбары тлумачыліся выхаваннем, і яно нібыта было характэрнае для ўсіх магнатаў ВКЛ, асабліва для Радзівілаў.

Аднак гэта таксама няпраўда. Літоўская даследчыца Раймонда Рагаўскене, аўтарка біяграфіі Барбары, адзначала, што тая вяла набожнае жыццё і яе паводзіны адпавядалі хрысціянскай этыцы таго часу.

Міф № 4. Была выключна адукаваным чалавекам і ўплывала на палітыку

Эскиз «Жигимонт Август и Барбара во дворце Радзивиллов в Вильне». Автор: Ян Матейко, pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org
Эскіз «Жыгімонт Аўгуст і Барбара ў палацы Радзівілаў у Вільні». Аўтар: Ян Матэйка, pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org

«Дзяўчына свабодна гаварыла на шасці мовах, вывучала разнастайныя навукі (ад геаграфіі да тэалогіі), па-майстэрску грала на музычных інструментах, займалася верхавой яздой. Пасталелая Барбара лічылася адной з самых адукаваных жанчын Еўропы, а яе вобраз ідэальна адпавядаў патрабаванням эпохі Рэнесансу», — пішуць у яе біяграфіях.

Аднак гэта перабольшанне. «Адукацыю і эрудыцыю Барбары часта ідэалізуюць, кажуць, што яна ведала некалькі замежных моваў. Гэта яшчэ адзін міф, хоць і прыемны. Яна сапраўды атрымала добрую хатнюю адукацыю, выдатна ведала польскую і русінскую (гаворка пра старабеларускую. — Заўв. рэд.) мовы. Але яна не ведала і не магла ведаць ні літоўскай, ні лаціны, ні італьянскай», — адзначае даследчыца Рагаўскене.

Яшчэ адзін міф пра Барбару звязаны з яе ўплывам на палітыку. У 1548 годзе Жыгімонт Стары, бацька яе абранніка, памёр. Яшчэ пры яго жыцці Жыгімонт Аўгуст спрабаваў дабіцца яго згоды на шлюб, аднак той быў супраць. Пасля яго смерці Жыгімонт Аўгуст стаў яго пераемнікам як у ВКЛ, так і ў Польшчы. У красавіку 1548 года ён сабраў у Вільні паседжанне Рады — найвышэйшага органа ВКЛ, куды ўваходзіла ўся эліта краіны. Перад гэтым ён загадзя таемна даставіў у палац сваю жонку. «Падчас паседжання Рады абвясціў пра свой шлюб, пасля чаго запрасіў у залу Барбару, якая чакала гэтай хвіліны ў блізкім пакоі. Рада прыняла Радзівілянку без дзейнага пратэсту (што ўжо было поспехам), але так шчыра без энтузіязму, што Радзівілы не адважыліся зачытаць уголас прыгатаваную на гэты святочны выпадак паэму. 3 таго дня Барбара пасялілася ў вялікакняскім замку і афіцыйна выступала ў ролі жонкі валадара», — пісаў гісторык Эдвард Рудскі.

Але патрабавалася вырашыць самую складаную задачу — дабіцца згоды польскай эліты. Сейм Польшчы, які прайшоў восенню таго ж года, увайшоў у гісторыю. Падчас яго ўся Польская ізба (ніжняя палата Сейма) апусцілася перад каралём на калені, каб ён дзеля краіны адрокся ад Барбары. Жыгімонт адмовіўся і ўрэшце ўсё ж дабіўся свайго. У лютым 1549 года Барбара прыбыла ў Кракаў, тагачасную польскую сталіцу. «Гараджане чакалі каралеўскі поезд ля гарадской брамы. Вітаючы каралеву ў катэдральным касцёле, прадстаўнік капітула (царквы. — Заўв. рэд.) прыводзіў гістарычныя аналогіі: „…Аляксандра Вялікага, які не пасаромеўся з нявольніцаў жонку браць, і Абрахама, які служанку ўзяў жонкаю“. На шчасце, „вітанне“ прамаўлялася на лаціне, і дзякуючы гэтаму гордая, пагардлівая Радзівілянка не зразумела красамоўных аналогіяў», — пісаў Рудскі. У снежні 1550 года Барбару каранавалі.

Як пісала тая ж Рагаўскене, у XVIII стагоддзі, калі Рэч Паспалітая (федэрацыя, што складалася з Польшчы і ВКЛ, утвораная пры жыцці Жыгімонта, але ўжо пасля смерці Барбары) ішла да свайго краху і падзелу паміж суседнімі дзяржавамі, вобраз Барбары пачаў ідэалізавацца. Паэты і гісторыкі пісалі пра яе як пра «Маці Айчыны». У творах літоўскай літаратуры яна выступала як сімвал свабоды і гераіня, што ахвяравала сабой дзеля ўмацавання пазіцый Літвы. Паводле гісторыка, гэта таксама далёка ад гістарычнай праўды. «Гэты шлюб заклаў асновы ўлады Радзівілаў у ВКЛ, але каралева не стала іх зброяй і не была іх ахвярай. Як і належала кіраўніцам таго часу, яна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ў меру сваіх сіл і магчымасцяў і не раз хадайнічала за розных шляхціцаў, якія былі залежныя ад Радзівілаў».

Міф № 5. Барбару атруцілі

Бона Сфорца. Портрет работы Лукаса Кранаха Младшего. Изображение: commons.wikimedia.org
Бона Сфорца. Партрэт працы Лукаса Кранаха Малодшага. Выява: commons.wikimedia.org

«Здавалася б, гісторыя кахання караля да „літоўскай Джульеты“ мусіла завяршыцца шчасліва, але, на жаль, адбылося ўсё інакш. Кароль здолеў дабіцца прызнання Сеймам сваёй каханай, але праз пяць месяцаў пасля каранацыі, у 1551 годзе, яна памерла ад невядомай хваробы. Як вы здагадваецеся, існуе цалкам лагічная здагадка, што да смерці Барбары магла мець непасрэднае дачыненне Бона Сфорца, якая мела рэпутацыю не толькі вельмі ўплывовай асобы, але і атручальніцы», — пішуць у папулярнай біяграфіі Радзівіл.

Вось яшчэ адна цытата. «У смерці Барбары падазравалі каралеву Бону. Тагачасныя гісторыкі пісалі, што Барбару атруціў сакратар Боны Людвіг Монці. Падазрэнні павялічыліся асабліва пасля таго, як Бона паспешліва з’ехала з Польшчы, прыхапіўшы з сабой каштоўнасці з дзяржаўнай скарбніцы. Невыпадкова, што [Мікалай Радзівіл] Чорны звязеніў „чараўніцу“ Бону і трымаў яе ў Берасці, пэўна, і ён лічыў старую каралеву віноўніцай смерці сваёй сястры», — адзначаў пісьменнік Вітаўт Чаропка.

Падчас цяжкай хваробы і неўзабаве пасля смерці Барбары пачалі цыркуляваць тры розныя версіі. Па-першае, многія сапраўды лічылі, што яе атруцілі на загад Боны. Аднак гэтую версію адкінулі яшчэ ў канцы XIX стагоддзя.

Па-другое, сярод прыдворных, варожа настроеных да Барбары, і нават сярод яе сваякоў хадзілі чуткі, што яна хворая на «французскую хваробу» — пранцы. Адзін з яе праціўнікаў дапускаў, што ў яе маглі застацца шнары ад перанесенай раней інфекцыі ці што падчас адсутнасці Жыгімонта, які перыядычна з’язджаў па дзяржаўных справах у Польшчу, «распусная» Барбара магла заразіцца ад свайго камергера, які любіў наведваць публічныя дамы. Падазрэнне ў сіфілісе было канчаткова знятае праз амаль 400 гадоў пасля смерці каралевы, калі ў 1931 годзе ў Вільні былі знойдзеныя і даследаваныя яе добра захаваныя рэшткі.

Па-трэцяе, дактары, якія лячылі Барбару, а таксама некаторыя людзі з прыдворнага атачэння дапускалі, што яна памерла ад раку. І менавіта гэтая версія аказалася праўдзівай. У нашыя дні кансіліум дактароў разгледзеў усе наяўныя звесткі пра здароўе арыстакраткі, прадстаўленыя Рагаўскене, і аднагалосна вырашыў, што, хутчэй за ўсё, Барбара пакутавала і памерла ад раку шыйкі маткі. Як адзначалі даследчыкі, у той час гэтая хвароба была невылечная, таму намаганні Барбары, якая спрабавала выжыць, «выбітныя і вартыя захаплення».

Міф № 6. Яна пражыла вельмі мала

Йозеф Зимлер. Смерть Барбары Радзивилл . Фото: wikipedia.org
Юзаф Зімлер. «Смерць Барбары Радзівіл». Фота: wikipedia.org

Працягласць жыцця ў тыя часы была трохі іншай, чым у нашыя дні. У цэлым да канца XVIII стагоддзя сярэдняя працягласць жыцця людзей складала ад 31 да 39 гадоў. Пры гэтым жанчыны жылі на 5 гадоў менш за мужчын. Гэтая розніца лічылася антраполагамі нормай.

Як адзначала Раймонда Рагаўскене, нават у сям'і Радзівілаў, да чыіх паслуг была ўся найноўшая медыцына таго часу, смяротнасць дзяцей складала 50%. Паводле яе падлікаў, калі лічыць тых, хто дасягнуў паўнагоддзя, то сярэдняя працягласць жыцця Радзівілаў складала 43 гады (калі лічыць усіх народжаных дзяцей, то 26 гадоў). Аднак сустракаліся і выключэнні — Мікалай Радзівіл Руды (брат Барбары) дажыў да 72 гадоў.

Барбара ж памерла ў 28−29 гадоў — гэта менш, чым сярэдні ўзрост таго часу (не кажучы ўжо пра больш высокія паказчыкі для яе роду). Значыць, гэты міф адпавядае рэчаіснасці.

Міф № 7. З Барбары малявалі Вастрабрамскую Божую Маці

Остробрамская икона Божией Матери. Фото: Krzysztof Mizera. Собственная работа, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=11511313
Вастрабрамскі абраз Божай Маці. Фота: Krzysztof Meyer. Уласная праца, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=11511313

«Неўзабаве пасля пакутніцкай смерці Барбару сталі лічыць святой. Большасць даследчыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што цудатворны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, ушанаваны беларусамі, літоўцамі і рускімі, быў напісаны з Барбары Радзівіл па замове Жыгімонта Аўгуста. Віленская Мадонна, як яшчэ называюць гэты абраз, сапраўды вельмі падобная на партрэты Барбары: тыя ж адухоўленыя рысы твару, той жа малюнак цела», — пішуць беларускія журналісты.

Аднак, як адзначала Раймонда Рагаўскене, мастацтвазнаўцы не знайшлі гістарычнай сувязі паміж партрэтам Барбары і абразом.

Міф № 8. Няўцешны Жыгімонт выклікаў дух Барбары

"Твардовский вызывает дух Барбары для Жигимонта Августа", картина Яна Мотейки, 1884 год. cyfrowe.mnw.art.pl, commons.wikimedia.org
«Твардоўскі выклікае дух Барбары для Жыгімонта Аўгуста», карціна Яна Матэйкі, 1884 год. cyfrowe.mnw.art.pl, commons.wikimedia.org

Гісторыя пра тое, як няўцешны Жыгімонт выклікаў дух каханай жонкі, добра вядомая. Вось адзін з яе варыянтаў: кароль, «здавалася, звар’яцеў ад гора. Яго наогул перастала цікавіць абсалютна ўсё. Думкі яго былі толькі пра Басю (Барбару. — Заўв. рэд.). Легенда кажа, што аднойчы ён прывёз з сабой у замак Нясвіж, куды часта пачаў ездзіць да братоў Барбары, нейкага спірытыста, пана Твардоўскага. Той абяцаў каралю выклікаць дух яго каханай жонкі з царства мёртвых. Адзінай умовай было не дакранацца да духу, калі той з’явіцца. Далей нібыта ў чараўніка ўсё атрымалася. Жыгімонт убачыў каханую і, натуральна, забыўшыся на ўсе забароны, кінуўся да яе. У гэты момант маг адчайна залямантаваў, з грукатам упаў падсвечнік, і пакой накрыла чорная цемра. З тых часоў душа Барбары назаўжды стала палонніцай Нясвіжскага замка. Твардоўскі сказаў няшчаснаму каралю, што калі ён памрэ ў гэтым замку, то іх душы ўз'яднаюцца навекі. Кароль невымоўна ўзрадаваўся і вырашыў абавязкова памерці ў Нясвіжы».

Аднак гэтага не здарылася, Жыгімонт памёр у іншым месцы. Так душа Барбары была асуджаная гуляць па замку ў адзіноце — у выніку з’явілася легенда пра Чорную панну, або Чорную даму Нясвіжа.

Вядома, гэта сапраўды толькі легенда. Як мінімум таму, што Барбара Радзівіл ніколі не была ў Нясвіжы: пра гэта не толькі няма ніякіх звестак, але і бываць там яна папросту не магла. Каменны замак у Нясвіжы Радзівілы пачалі будаваць толькі ў 1583 годзе, калі Барбары ўжо два дзясяткі гадоў не было ў жывых.

Аднак, як адзначала Раймонда Рагаўскене, Жыгімонт Аўгуст, што цікавіўся астралогіяй, і праўда спрабаваў выклікаць прывід каханай, а сеанс сапраўды праводзіў знаўца магіі Твардоўскі. Але што ён на самай справе ён убачыў у знакамітым люстэрку, засталося загадкай.

Сустракаецца згадка, што захаваліся два апісанні таго рытуалу. Аўтарам аднаго нібыта быў лекар Ёахім Пасэль, а другую «справаздачу» склаў Джон Гізэй. Першы пісаў пра здарэнне праз паўстагоддзя, а другі — адразу пасля сеансу. Пасэль піша пра містыку і таямніцы, прымаючы на веру ўсе чуткі. Рукапіс Гізэя як відавочцы больш цікавы і праўдападобны. У прыватнасці, аўтар адзначаў, што ўвесь рытуал быў звычайным прадстаўленнем з мэтай падмануць забітага горам караля. Аднак пра гэтых людзей нічога не вядома. Так што гісторыя застаецца загадкай.

Міф № 9. Каханне Жыгімонта І Барбары стала легендарным

Памятник Барбаре Радзивилл и Сигизмунту II Августу, который хотят установить в Вильнюсе. 15 декабря 2024 года. Фото: Facebook библиотеки Врублевского Национальной академии наук Литвы
Помнік Барбары Радзівіл і Жыгімонту II Аўгусту, які хочуць паставіць у Вільнюсе. 15 снежня 2024 года. Фота: Facebook бібліятэкі Урублеўскага Нацыянальнай акадэміі навук Літвы

Барбара стала гераіняй шматлікіх карцін (некаторыя вы можаце ўбачыць у гэтым тэксце), кніг, спектакляў і фільмаў (на жаль, апошнія здымаліся не ў Беларусі). За гэтым ідэалізаваным вобразам часта не відаць жывога чалавека. Вось, напрыклад, штрых з яе біяграфіі. Барбара любіла час ад часу выпіваць ноччу, і Жыгімонт Аўгуст, які быў у ад’ездзе, папярэджваў сваякоў, каб тыя гэтаму перашкаджалі.

Аднак нават калі пагадзіцца з тым, што большая частка міфаў, пра якія мы казалі ў гэтым тэксце, не адпавядае рэчаіснасці, ключавая частка яе гісторыі — рамантычная, кранальная і трагічная — застаецца праўдзівай.

У той час адносіны паміж спадчыннікам трона і ўдавой (хай і вельмі багатай арыстакраткай) лічыліся непрымальнымі. Бо кананічнае, царкоўнае права адназначна лічыла сэкс да шлюбу грахом. Згодна з усімі тагачаснымі нормамі такія адносіны не маглі скончыцца шлюбам. Законнымі жонкамі манархаў у той час рабіліся прынцэсы іншых дынастый — каб умацаваць саюз паміж краінамі, атрымаць пасаг і дзеля іншых прагматычных мэтаў. Жыгімонт Аўгуст дзёрзка парушыў правілы, пайшоў супраць волі бацькоў, а потым і Сейма, настаяў на сваім і зрабіў сваю каханую спачатку вялікай княгіняй, а потым і каралевай. Яе ранні і цяжкі скон стаў трагедыяй, але нават пасля смерці Барбары Жыгімонт не пераставаў яе кахаць. Гісторыя з Твардоўскім гэта пацвярджае.

Таму на пытанне, ці можна лічыць легендарным каханне польскага караля і знакамітай беларуска-літоўскай шляхцянкі, адказ адназначны — так.

Чытайце таксама